Journalism Network

Кіраўнік партугальскай радыёстанцыі: «Мы паразумеліся б з беларускімі журналістамі...» (ФОТА)

Зміцер Лукашук, фота аўтара, http://baj.by/m-p-viewpub-tid-1-pid-10359.html

З 26 сакавіка па 2 красавіка група журналістаў з Беларусі, Украіны, Расіі і Малдовы наведала Партугалію. Гэта была ўжо восьмая па ліку паездка ў межах праграмы «Еўрасаюз — палітыка дабрасуседства», арганізаваная Еўракамісіяй і Фондам Томпсана.

Да гэтага журналісты незалежных СМІ з чатырох краін наведалі Бельгію, Косава, Алжыр, Нямеччыну, Польшчу, Ізраіль, Кіпр. Сустракаліся з палітыкамі, чыноўнікамі, грамадскімі дзячамі, звычайнымі гарамадзянамі. Адна з сустрэч адбылася ў Лісабоне з галоўным рэдактарам незалежнай радыёстанцыі для эмігрантаў «Horizonte FM» Хасэ Перэйра (Jose Pereira) і выпускаючым рэдактарам Віталём Мірным.

Х.Перэйра

Зміцер Лукашук: — Што з сябе ўяўляе ваша радыёстанцыя?

Х.Перэйра: — Наша радыёстанцыя — тыповая для сённяшняй Партугаліі. Такіх, музычна-інфармацыйных станцый, як наша, — дзесяткі. Па радыюсе вяшчання мы пакрываем каля 70 км ад Лісабона.
Яшчэ ў 1980-х гадах у Партугаліі было ўсяго 4 радыёстанцыі: 2 дзяржаўныя і 2 — каталіцкія. Мы пачыналі працаваць як сапраўдныя «радыёпіраты». Адначасова з намі ў Партугаліі паўсталі сотні напаўлегальных, нідзе не зафіксаваных і не зарэгістраваных такіх жа маленькіх радыёстанцый. Кіраўніцтва краіны вырашыла легалізаваць іх усе. Але выпрабаванне часам прайшлі не ўсе — засталіся прафесійна працаваць дзесьці 360 радыёстанцый на ўсю Партугалію.


З.Л.: — Чаму вы вырашылі стварыць сваё радыё? Вы па адукацыі журналіст?

Х.П.: — Я не журналіст. У нас на той час была група сяброў, якія мелі тэхнічную адукацыю і займаліся тэхнікай. І мы, карстыючыся сваімі ведамі і магчымасцямі, змайстравалі перадатчык. Потым да нас далучыліся людзі, якія ведалі, што такое радыёвяшчанне, і мы пачалі выходзіць у эфір.

З.Л. — А ці быў нейкі пераслед з боку ўладаў — вы ж кажаце, што былі «радыёпіратамі»?

Х.П: — Былі пэўныя прыцясненні, назавём іх так. Але не вельмі моцныя. Сваю справу мы распачалі пасля так званай рэвалюцыі 1974 года. Намі, канешне, цікавіліся — найперш арганізацыя, якая кантралявала сеткі вяшчання, розныя тэхнічныя аспекты. Вось яны ў нас пастаянна «сядзелі на хвасце», пакуль мы не легалізаваліся.

З.Л.: — Самі вы партугалец. Чаму вырашылі арыентаваць сваю радыёстанцыю, яе вяшчанне на эмігрантаў?

Х.П.: — Гэта атрымалася выпадкова: неяк да нас прыйшлі самі эмігранты і пацікавіліся, ці могуць яны выкарыстаць частку эфірнага часу для сваіх праграм, разлічаных на суайчыннікаў. Мы адгукнуліся на гэтую просьбу, і зараз у нас ёсць адпаведнае пагадненне з эмігрантамі і арганізацыямі, якія іх прадстаўляюць.

З.Л.: — У апошнія гады ва ўсім свеце адбываюцца працэсы «зліцця» СМІ. Радыёстанцыі Партугаліі гэты працэс захапіў?

Х.П.: — Безумоўна, у апошнія некалькі гадоў у нас таксама адбылося зліццё невялікіх радыёстанцый у буйныя групы, і цяпер цалкам незалежных радыёстанцый у нас засталося няшмат. Радыё-СМІ разбіліся на групы. Адна — гэта дзяржаўныя радыёстанцыі, другая — каталіцкія радыёстанцыі, і ёсць яшчэ некалькі груп, якія «падмялі пад сябе» медыя-магнаты. Мы існуем самастойна, ні ад каго не залежым, у групы не ўступаем і пакуль выжываем. І на сённяшні дзень мы — адзіная радыёстанцыя ў краіне, якая ў свой эфірны час уключае тры праграмы для эмігрантаў.

З.Л.: — І на каго скіраваныя гэтыя праграмы?

Х.П.: — У Партугаліі вельмі вялікая суполка эмігрантаў з Кабо-Вердэ. І першая праграма, так бы мовіць, кабо-вердзінская. Потым ідзе праграма выключна на украінскай мове. І ёсць праграма «Радыё Усход» — разлічаная на ўсіх рускамоўных эмігрантаў. Прычым, пад гэтыя праграмы адведзены самы зручны для слухача вечаровы час эфіру.

В. Мірны, выпускаючы рэдактар «Horizonte FM»

З.Л.: — А ці можа сказаць, на якую ўзроставую катэгорыю слухачоў арыентаваная ваша радыёстанцыя і вашы праграмы?

Віталь Мірны: — Паколькі часу ў эфіры ў нашых праграм усё ж няшмат, мы не робім такога падзелу. Сваю задачу мы бачым крыху ў іншым. Справа ў тым, што ў большасці эмігрантаў, якія тут знаходзяцца, да гэтага часу няма камп’ютараў, яны амаль не чытаюць партугальскую прэсу. І мы — той канал інфармацыі, якія паведамляе ім пра тое, што тут адбываецца, на зразумелай эмігрантам мове. Штодзённа ў нас ідуць выпускі навін Еўрасаюза, навіны Партугаліі, навіны трох асноўных краін, якія сюды «пастаўляюць» эмігрантаў — Украіны, Малдовы і Расіі. (Па звестках камісара па справах эмігрантаў Разарыо Фармхаўс (Rosario Farmhouse), зараз у Партугаліі легальна пражывае 1002 эмігранты з Беларусі, 6132 — з Расіі, 20773 — з Малдовы, 52 293 — з Украіны). І гэта з’яўляецца моцным стымулам, каб нас слухаць. Прычым, для усіх узроставых катэгорый эмігрантаў.


З.Л: — За кошт чаго сёння ўдаецца вашай, па сутнасці, невялікай радыёстанцыі выжываць? Гэта рэклама альбо нейкая дапамога дзяржавы з-за таго, што вы арыентуецеся на эмігрантаў?

Х.П.: — Ніякай дзяржаўнай дапамогі няма. Гэта — грошы ад рэакламы. Ну, і грошы за тое, што мы здаем у арэнду эфірны час эмігранцкім арганізацыям для іх тэматычных праграм. Да прыкладу, я зарплаты тут не маю.

З.Л.: — А вось вы, спадар Віталь, колькі атрымліваеце за сваю працу тут на радыё?

Віталь Мірны: — Я, дзяўчаты з украінскай праграмы, хлопцы з Кабо-Вердэ — у нас чыста журналісцкі праект. Нашы праграмы, іх вытворчасць і выхад у эфір фінансуюцца нашымі нацыянальнымі суполкамі. Калі ёсць «лішнія» грошы — мы нешта атрымліваем. Калі не — пацуем на энтузіязме. Часам даводзіцца і свае грошы закладаць. Я зарабляю не тут, а як журналіст-фрылансер для расійскіх выданняў.

З.Л.: — І колькі каштуе эфірная гадзіна эмігранцкай праграмы?

В. Мірны: — Ад 800 да 2,5 тысяч еўра. Гэта залежыць шмат ад якіх чыннікаў, пра якія я не хацеў бы падрабязна казаць. Але хачу нагадаць, што эмігранцкія арганізацыі, якія і выдаткоўваюць на аплату эфіру грошы, маюць фінансавую падтрымку ад уладаў Партугаліі, дзяржаўную падтрымку. Гэта не тыя грошы, якія, да прыкладу, збіраюць эмігранты ў сваім асяродку.

З.Л.: — Ці прыходзілі да вас эмігранты з Беларусі з прапановай рабіць праграму для сваіх суайчыннікаў? Можа, свае паслугі прапаноўвалі журналісты-беларусы?

Х.П.: — Не, прапаноў аб стварэнні такіх праграм не было. І нават ніхто з беларускіх журналістаў не заходзіў. Можа, яны ў Партугалію проста не едуць? Як вы ведаеце, беларусаў тут не вельмі шмат. Але, калі б прыйшлі, мы б, мяркую, паразумеліся…

Views: 0

© 2012   Created by Arne Grauls.

Badges  |  Report an Issue  |  Terms of Service