З-за эканамічных праблемаў Партугалія згубіла статус адной з самых прывабных для эмігрантаў краін.
Аўтар: Зміцер Лукашук 31.03.2011 13:36, http://euroradio.fm/node/17035
Партугальцы толькі нядаўна зразумелі, што жывуць яны ўжо ў краіне эміграцыі. З 1999 года ў Партугалію пачалі масава ехаць грамадзяне Беларусі, Украіны, Расіі, Малдовы. І менавіта яны, а не эмігранты з Афрыкі і Бразіліі, узбагацілі культуру сваёй новай радзімы. Такое прызнанне падчас сустрэчы з журналістамі зрабіла камісар па справах эмігрантаў Разарыо Фармхаўс (Rosario Farmhouse):
“На сённяшні дзень славянскіх дыяспар дастаткова шмат у Партугаліі і яны вельмі розныя. Але самая вялікая ўсё ж украінская. Малдова стаіць на сёмым месцы, а вось з Расіі і Беларусі ў нас не так шмат эмігрантаў. Але менавіта яны ўсе разам узбагацілі Партугалію”.

Па звестках камісара, цяпер у Партугаліі легальна жыве 1002 эмігранты з Беларусі, у шэсць разоў болей там эмігрантаў з Расіі, у 20 разоў больш — з Малдовы, у 50 — з Украіны. Колькі зараз грамадзян гэтых краін знаходзіцца ў Партугаліі нелегальна, дакладна невядома. Дарэчы, большасць сённяшніх “легальных” эмігрантаў прыехалі ў краіну 7-10 гадоў таму без неабходных дакументаў, але сітуацыю выправілі амністыі, праведзеныя ўладамі Партугаліі для нелегалаў.
Нелегалы, кажа камісар Фармхаўс, па-ранейшаму едуць да іх з Усходняй Еўропы. Найперш, няма спадзеваў на трэцюю амністыю, а па-другое — няма ніякай гарантыі, што ім удасца знайсці працу. Хоць працаўнікі менавіта з Беларусі, Украіны, Расіі і Малдовы карыстаюцца ў Партугаліі попытам, прызнаўся упраўляючы фермерскай гаспадаркі Антоніа Маклета.

Антоніа Маклета: “Сёння працаўнікоў з Усходняй Еўропы ў мяне працуе 4 чалавекі. Як вы разумееце, у нас шмат працы сезоннай. І мы заўсёды звяртаемся да працаўнікоў з Усходняй Еўропы. Бо гэта людзі, якія прыехалі ў Партугалію арганізаваць сваё жыццё. І ў іх адносіны да працы такія, якіх шмат у каго з партугальцаў няма”.
Гаспадарка спадара Антонія займаецца вырошчваннем вінаграду, айвы ды інжыру. З першага там жа робяць віно, з айвы — варэнне і мармелад, з інжыра — прысмак у цукровай пудры. За працу, кажа эмігрант “з усходу”, былы аграном Ігар Дуднік, можна атрымаць 500-600 еўра. Але і яго трэба адпрацаваць, папярэджвае ён тых, хто думае з’ехаць з радзімы ў пошуках лёгкага хлебу.
Ігар Дуднік: “Калі прыязджаеш дамоў, усе думаюць, што тут проста так грошы даюць, што тут ніхто не працуе. Тыя, хто зарабляе вялікія грошы тут, то гэта не проста так — ён шмат працуе. Грошы тут проста так не даюць. Кожны гаспадар плаціць у залежнасці ад працы”.
І шчыра параіў устрымацца ад эміграцыі.
Ігар Дуднік: “Цяпер бы не раіў ехаць. Цяпер прыехаць сюды, не ведаючы мову, не маючы працы, быць нелегалам... Калі мы ехалі, трэба было на ўсё патраціць 900 долараў. А зараз трэба заплаціць 3 тысячы. Паспрабуй на радзіме зараз зарабіць 3 тысячы долараў, аддаць, каб ехаць у нікуды?!”.
Падтрымлівае калегу і ўкраінец Віктар Гадаванец.

Віктар Гадаванец: “Трэба ж пазычыць у кагосьці грошы, каб паехаць, бо так грошай у большасці людзей няма. А потым раптам не зарабіць і што? Не раіў бы ехаць. Зараз тут цяжка зарабіць — знайсці працу практычна немагчыма”.
Адначасова той жа Ігар Дуднік прызнаўся, што сам вяртацца ў родную вёску на працу ў калгас не жадае.
Ігар Дуднік: “Я бы там не змог жыць. З-за коштаў: як ты і што можаш купіць тут, там ты проста не пражывеш. Ну, прыеду я на вёску і чым займацца?”
У перасцярогах легальных эмігрантаў больш клопату пра землякоў, чым нежадання бачыць чарговых канкурэнтаў на рынку працы. Партугалію сапраўды досыць сур’ёзна закрануў крызіс: тавары прадаюцца слаба, прадпрыемствы скарачаюць вытворчасць, працы мала. А пра тое, што паясы давядзецца зацягнуць яшчэ тужэй, папярэджвае нават дарадца прэзідэнта Партугаліі па эканамічных пытаннях Вітор Бенто (Vitor Bento).

Вітор Бенто: “Выхад з крызісу ляжыць праз строгасць і стрыманасць. Безумоўна, гэта жорстка і заўсёды цяжка. Людзям трэба будзе пацярпець цягам пэўнага часу. Трэба зацягнуць пояс тужэй. Гэта зменіць звычкі людзей і дэстабілізуе жыццё. Людзям, якія прывыклі да пэўнага ўзроўню расходаў, давядзецца прыладкоўвацца да больш нізкага ўзроўню расходаў”.
Па словах кіраўніка прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Партугаліі Маргарыды Маркус (Margarida Margues), Еўрасаюз гатовы ў любы момант выдаць Партугаліі дапамогу ў памеру 75 мільярдаў еўра. І зрабіць увогуле ўсё магчымае для дапамогі ў пераадоленні крызісу. Але калі эканамічнае становішча наладзіцца і Партугалія ізноў верне сабе статус адной з самых прывабных краін для эмігрантаў з краін Усходняй Еўропы, адказаць ніхто не бярэцца.

Tags:
© 2012 Created by Arne Grauls.